УЛАДЗІ́МІР МАНАМА́Х, Уладзімір Усеваладавіч Манамах (у хрышчэнні Васіль,

1053—1125),

вялікі князь кіеўскі [1113—25]. Сын вял. кн. Усевалада Яраславіча [1078—93] і Марыі — дачкі візант. імператара Канстанціна Манамаха (адсюль яго празванне). Княжыў у Растове (1066—70), Смаленску (1070—72,1077—78), Уладзіміры-Валынскім (1072—76), Чарнігаве (1076—77,1078—93), Пераяславе (з 1093). Прыхільнік моцнай велікакняжацкай улады. Арганізаваў і ўзначаліў ваен. паходы 1103, 1107, 1111 супраць полаўцаў і часова спыніў іх набегі на Русь. У 1077 спаліў ваколіцы Полацка, у 1084 разрабаваў Менск, не пакінуўшы «ні чалядзіна, ні скаціны». Запрошаны на вял. княжанне ў час Кіеўскага паўстання 1113, пад уражаннем якога зрабіў уступкі нар. масам (гл. Статут Уладзіміра Манамаха 1113). Ваен. і дыпламат. шляхам спыніў міжусобныя войны, аднавіў рэальную велікакняжацкую ўладу на ​3/4 тэр. Кіеўскай Русі. Імкнуўся падпарадкаваць Полацка-Менскую зямлю, у 1118 захапіў у палон менскага кн. Глеба Усяславіча. Аўтар аўтабіягр. «Павучання» сваім дзецям (гл. «Павучанне Уладзіміра Манамаха»).

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)